БІЯЛАГІ́ЧНАЯ РЭКУЛЬТЫВА́ЦЫЯ,
аднаўленне з дапамогай біял. сродкаў і метадаў урадлівасці зямель, гасп., рэкрэацыйных, эстэт. і інш. карысных уласцівасцяў зямельных тэрыторый, парушаных гасп. дзейнасцю чалавека. З’яўляецца этапам рэкультывацыі зямель, што адбываецца пасля завяршэння горнатэхнічнай рэкультывацыі і папярэднічае ўвядзенню іх у гасп. абарот. Уключае комплекс агратэхн. і фітамеліярацыйных мерапрыемстваў: сяўба траў, пасадка кустоў і дрэў з высокай азотфіксавальнай здольнасцю (напр., вольха чорная і шэрая, абляпіха, акацыя белая, лох вузкалісты і інш.), раслін-сідэратаў (лубін, баркун), задзярноўванне, залужэнне ці аблясенне спланаванай паверхні парушаных зямель, абагачэнне іх біягенамі і мікраарганізмамі за кошт спец. угнаенняў.
Я.В.Малашэвіч.
т. 3, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)